ТАЛО́ЧНЫЯ ПЕ́СНІ, талаковыя песні, талачанскія песні,

разнавіднасць каляндарна-абрадавых песень, што суправаджалі працу земляроба на талацэ. У залежнасці ад віду сезонных работ вылучаюцца 3 групы Т.п.: песні веснавой талакі, жніўныя талочныя, песні асенніх талок. Самая шматлікая 1-я група, якая і прадвызначыла прыроду жанру. Яна добра перадае атмасферу працы, характэрны для яе ўздым і радасны настрой. Антытэза, іронія, дасціпны гумар уласцівы Т.п., у якіх адлюстраваны характар працы розных удзельнікаў талакі. У песнях часта гучыць зварот да гаспадара, якому талачане нагадваюць пра работу і разлік за яе; пры гэтым ў незласлівай форме, з жартам дакараюць за нібыта недастатковае частаванне работнікаў, пра залішнюю ашчаднасць гаспадыні. У некат. песнях гучалі і заклёны на добры ўраджай, аднак пераважалі бяседныя Т.п. пра каханне, перажыванні маладой замужніцы ў чужой сям’і і г.д. У веснавых Т.п. пераважае вобраз талочніцы — вясёлай і дасціпнай дзяўчыны (жанчыны) — гал. ўдзельніцы талакі. У жніўных Т.п. шырокая карціна жніва, вобразы жней-талачанак, якія «зжалі поле нязмернае», «змялі ніву мяцёлкаю». Яны пераважна бяседнага характару, выконваліся ў час застолля пры калектыўнай апрацоўцы лёну, азімай сяўбе, малацьбе, на дакопках бульбы. Да іх прымыкаюць спарышовыя песні (вобраз спарыша ўвасабляў урадлівасць і дабрабыт). Т.п. былі пашыраны на ўсёй Беларусі. найб. шырока бытавалі на Падзвінні.

Публ.:

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)